ТРЭ́ЦЯЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.

Адбылася 5—18.1.1926 у Маскве. Удзельнічала 20 дэлегатаў з рашаючым і 5 з дарадчым голасам ад Брэсцкай, Беластоцкай, Гродзенскай, Віленскай, Баранавіцкай і Пінскай акруг, ЦК КСМЗБ. Канферэнцыя была раўназначная з’езду партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП і ЦК КПЗБ, аб сітуацыі ў краіне і тактыцы партыі; аб рабоце ў прафсаюзах; аб рабоце ў вёсцы; арганізац. пытанні; аб рабоце КСМЗБ; выбары; бягучыя пытанні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі Выканкома Камінтэрна, Кампартый Польшчы і Літвы. Найб. важнай праблемай на канферэнцыі было вызначэнне тактыкі партыі і шляхоў арганізац. ўмацавання. Прызнана памылковай ультралевая ацэнка сітуацыі, дадзеная ў рашэннях Другой канферэнцыі КПЗБ, і вызначаная ёй тактыка падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У рэзалюцыі аб прафсаюзах важнымі задачамі канферэнцыя лічыла больш гнуткую тактыку ў барацьбе за адзінства прафс. руху, умацаванне прафсаюзаў і пераўтварэнне іх у баявыя арг-цыі пралетарыяту. Канферэнцыя вызначыла праграму барацьбы за збіранне сіл рабочага класа, сялянства і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі шляхам выкарыстання гнуткай тактыкі адзінага фронту і паўсядзённай барацьбы за частковыя патрабаванні дэмакр. характару. У склад абранага ЦК КПЗБ увайшлі А.​А.​Альшэўскі, Л.​Н.​Аранштам, М.​С.​Арэхва, Ф.​Е.​Кастылюк, І.​К.​Лагіновіч, С.​Т.​Мілер, А.​С.​Славінскі, Г.​І.​Шагун (члены), Х.​Р.​Гелер, Л.​І.​Родзевіч, Л.​Р.​Шайкоўскі (кандыдаты).

Літ.:

Постановления III конференции Коммунистической партии Западной Белоруссии. [Вильна], 1926.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 16, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)